Біяграфія

Біяграфія

Мікола Дзядок

У гэтым тэксце раскажу, хто я ёсць і чым магу быць вам цікавы.


Я нарадзіўся ў Брагіне, у 88-м на краю горада, анархізм рана ўдарыў у голаву... А калі сур'ёзна, то усё маё дзяцінства прайшло ў Гомелі. У школе вучыўся так сабе, па паводзінах быў стабільны "неуд". Школьныя гады прайшлі пад знакам няспынных канфліктаў з настаўнікамі і аднакласнікамі. Школа лічыць, што асабістай годнасці ў цябе няма. Я лічыў інакш.

У 7 год бацькі аддалі на секцыю ушу. Біцца там не навучылі, але прывучылі, што без трэніровак жыццё адстой. З таго часу па жыцці крочу са спортам.

У 2002 годзе на глебе панк-культуры стаў знаёміцца з анархізмам: дзякуй беспаролцы і мадэму Zyxel. Хутка дазнаўся пра мясцовых анарха-панкаў і у жніўні 2003 пачаўся мой удзел у анархісцкім руху. Асноўным напрамкам ў нас быў антыфашызм, бо панаванне нацы-скінхэдаў на вуліцах было абсалютнае - нефармальную моладзь тэрарызавалі бязлітасна. Мы збіралі тых, хто з гэтым не згодзен, абклейвалі горад налепкамі і спрабавалі даваць сілавы адпор. Праўда, апошняе не вельмі паспяхова ;)))

У 2004 пераехаў у Мінск, дзе паступіў у Юрыдычны каледж БДУ. Сумныя пары, нецікавыя прадметы - няма чаго і ўзгадаць, акрамя вясёлых студэнцкіх гулянак. Затое анархісцкая супольнасць у Мінску была шырэйшая: ўжо праз год стварыў з аднадумцамі групу, якая пачала займацца сістэмнай працай: агітацыя, прапаганда, акцыі, з далёка ідучымі мэтамі. Парвалі з субкультурай, сканцэнтраваліся на палітыцы. У Мінску многае адбылося ўпершыню: першая дзяўчына, першае затрыманне за палітыку, першая вулічная бойка. Пайшоў на тайскі бокс. Два гады заўзел за МТЗ-РІПА.

Скончыў Юрыдычны каледж, паступіў на Юрфак БДУ, на трэці курс завочна. Пратрымаўся да першай сесіі, зразумеў што гэта не маё, паступіў у ЕГУ, на тую ж завочку - зразумеў што такое нармальная адукацыя.

Яшчэ было размеркаванне пасля каледжу. Выпаў Суд Цантральнага раёна горада Мінска. Так-так, той самы, дзе штотыдзень судзяць апазіцыянераў. Паўгады судовым выканаўцам. Калі ішоў, было рэальна цікава паглядзець сістэму знутры і падумаць, што з ей можна рабіць. З суду літаральна збег: такой сукупнасці бюракратычнага маразма, калгаснага хамства, армейскай муштры, шалёнай нагрузкі, і адчування бессэнсоўнасці не чакаў пабачыць. З цяжкасцю перавёўся на прыватную фірму юрысконсультам.

Наша ж анархісцкая група тым часам расла і ўзмацнялась. Нас заўважылі. Пайшлі падазроныя допыты знаёмых, АМАП пачаў накрываць адкрытыя мерапрыемствы анархістаў. Трэцяга верасня 2010 ў нашую здымную кватэру ўварваўся Алмаз з баявой зброей. Далей была маштабная "справа анархістаў" (https://pramen.io/ru/2018/09/trete-sentyabrya-den-ispytanij/). Па абвінавачванні ў шэрагу сімвалічных акцый прамога дзеяння мне прысудзілі 4,5 гады ўзмоцненага рэжыму.

Пачалося іншае жыццё. Было шмат усяго: добрага і кепскага, прыемнага і цяжкага. Адбыў год у адзіночнай камеры, ажаніўся ў зоне, навучыўся рабіць кіпяцільнік з брытвы і вяроўкі з нітак. Праваабаронцы прызналі палітвязнем, менты патрабавалі прашэння аб памілаванні. Я адмаўляўся, і за 3 дні да вызваленні мне ўляпілі яшчэ год па арт.411 КК РБ (непадпарадкаванне адміністрацыі турмы). Самае важнае і цікавае са свайго досведу я апісаў і прааналізаваў у кнізе Фарбы паралельнага свету. Быў вызвалены разам з яшчэ пяццю палітвязнямі 22 жніўня 2015, недасядзеўшы паўгады (крэдыты аказаліся для Лукі важнейшыя). З турмы вынес некалькі кілаграмаў сшыткаў, спісаных канспектамі і думкамі, паўтысячы паштовак з розных краінаў свету, пажыццёвы статус "былы палітвязень", жыццёвыя мудрасці і праблемы са здароў'ем.

Са дня вызвалення паспеў стаць экстрэмістам-рэцыдзівістам, прэзентаваць сваю кнігу ў 16 гарадах, напісаць некалькі навуковых даследванняў, стаць відэаблогерам, пасядзець на сутках, выклікаць шал у ватнікаў і многае-многае іншае. Зараз журналіст у Новым Часе. Скончыў Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (Вільня) і Універсітэт Вітаўта Вялікага (Коўна) па праграме "Сусветная палітыка і эканоміка"(сумесная праграма: два гады вучыўся там і два там). Планую працягнуць навучанне ў магістратуры.

Што яшчэ можна сказаць пра сябе? Люблю арабскую музыку, французскія меладрамы і японскія мультфільмы. Не люблю хлусню, неабавязковых і бязвольных людзей. Хрысціянін.

Сёння, як і 15 год таму, сэнсам свайго жыцця бачу барацьбу за пабудову свабоднага грамадства. Самакіраванне і справядлівае размеркаванне рэсурсаў - вось мой ідэал. Больш канкрэтна, сваю рэвалюцыйную місію бачу ў распаўсюдзе ведаў, каштоўнасцяў ўзаемадапамогі, асабістай годнасці і нецярпімасці да несправядлівасці. Хто думае гэтаксама і не баіцца - хадземце са мной!

Report Page